«ЧЫРВАНАБРО́ВЫХ» ПАЎСТА́ННЕ,

адно з найб. буйных паўстанняў у Кітаі ў 17—27 н.э. Паўстанцы фарбавалі бровы ў чырвоны колер (адсюль назва). Выклікана цяжкім становішчам народа, якое пагоршылася ў час праўлення Ван Мана і голаду ў выніку паводкі. Пачалося ў прав. Шаньдун пад кіраўніцтвам селяніна Фань Чуна. Паўстанцы (сяляне, наёмныя рабочыя, рабы) у 21 разграмілі ўрадавыя войскі і пачалі наступленне на сталіцу імперыі Чан’ань. Адначасова на сталіцу наступалі атрады прадстаўніка дынастыі Хань Лю Сюаня, які імкнуўся захапіць уладу. У 23 атрады Лю Сюаня занялі Чан’ань Ван Ман быў забіты, Лю Сюаня абвясцілі імператарам пад імем Гэншы. У 25 атрады «чырванабровых» разбілі войскі Гэншы і абвясцілі імператарам пастуха Лю Пэнцзы. У 27 паўстанцы былі разгромлены войскамі прадстаўніка арыстакратыі Лю Сю (у 25 прыняў тытул імператара пад імем Гуан Удзі), з царавання якога пачалося праўленне новай галіны дынастыі Хань — Позняя Хань.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)